ТАВАРЫ́СТВА ВЫВУЧЭ́ННЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕ́РНІ,
гісторыка-краязнаўчае таварыства ў Магілёве ў 1902—16. Засн. па ініцыятыве Е.Р.Раманава як «Таварыства вывучэння Беларускага краю». Мела статут (зацверджаны ў сак. 1905). У сувязі з утварэннем гіст.-краязнаўчых т-ваў у Віцебску, Мінску і інш. гарадах у 1913 рэарганізавана ў Т.в.М.г. Члены: Раманаў, І.А.Сербаў, А.П.Сапуноў, М.М.Турбін. Вывучала гісторыю, этнаграфію і прыроду Беларусі, пераважна Магілёўскай губ. Выдала працу Раманава «Першакрыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916), у якую ўвайшлі «Баркалабаўскі летапіс» і «Падарожныя заметкі стольніка П.А.Талстога аб Магілёўскай губерні (1697—1699)». Падрыхтавала да выдання 4-ы выпуск зб. «Магілёўская даўніна» і інш. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў Адэсу, дзе спыніла дзейнасць.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі: Пачатак XX ст. Мн., 1970.
т. 15, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)